Беларуская Служба

Польшча атрымала другую згоду на эксгумацыі ва Украіне

11.06.2025 15:42
Польшча атрымала другую згоду на правядзенне эксгумацыі ва Украіне. Паводле Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, гэта тычыцца работ на тэрыторыі былой вёскі Збойска.
Вянок ускладзены на месцы неіснуючай ужо сёння польскай вёскі на ВалыніPAP/Jacek Turczyk

Міністэрства культуры і стратэгічных камунікацый Украіны паведаміла польскім уладам аб прадастаўленні другой згоды на правядзенне эксгумацыі ва Украіне.

Згода тычыцца заяўкі на правядзенне работ на тэрыторыі былой вёскі Збойска, дзе пахаваны парэшткі салдат Войска Польскага.

Заяўку ў гэтым пытанні падаў Інстытут нацыянальнай памяці, а эксгумацыя будзе праводзіцца польскім бокам у супрацоўніцтве з украінскім.

З 24 красавіка на тэрыторыі былой вёскі Пузнікі ў сённяшняй Тэрнопальскай вобласці на захадзе Украіны працягваюцца эксгумацыі ахвяр Валынскай трагедыі. Гэта першая такая праца з таго часу, як украінскі бок зняў забарону на пошук і эксгумацыю парэшткаў польскіх ахвяр войнаў і канфліктаў на тэрыторыі Украіны ў лістападзе мінулага года. Падчас эксгумацыі ў Пужніках былі эксгумаваны парэшткі як мінімум 42 чалавек — жанчын, мужчын і дзяцей.

Пужнікі — былая вёска ў сённяшняй Тэрнопальскай вобласці на захадзе Украіны, дзе ў ноч з 12 на 13 лютага 1945 года ўкраінскія нацыяналісты забілі, паводле розных звестак, ад 50 да 120 палякаў. Забойства ў Пужніках, а таксама раней у Барышы і Залессі Карапецкім былі часткай антыпольскай акцыі ўкраінскіх нацыяналістаў ва Усходняй Галіцыі, якая ахоплівала даваенныя ваяводствы Львоўскае, Тэрнопальскае і Станіслаўскае. Гэтая акцыя была распачата восенню 1943 года. 

З лютага 1943 года Украінская паўстанцкая армія праводзіла пацыфікацыю польскіх вёсак на Валыні. Іх актывізацыя адбылася ў ліпені таго ж года. Яны працягваліся да вясны 1945 года. Гэтыя злачынствы называюць «Валынскай разнёй». Паводле ацэнак Інстытута нацыянальнай памяці, падчас гэтага канфлікту на Валыні, ва Усходняй Галіцыі і ў Люблінскай вобласці было забіта каля 100 тысяч грамадзян Другой Польскай Рэспублікі.

IAR/вх