У Тэгеране ўжо няма палякаў, якія выказалі жаданне выехаць у Польшчу з-за вайны паміж Ізраілем і Іранам, паведаміў прэс-сакратар МЗС Павал Вроньскі. Паводле яго слоў, сёння раніцай у Варшаву прыбыла група з 13-і палякаў з іранскай сталіцы. Для эвакуацыі людзей быў выкарыстаны рэгулярны авіярэйс Баку-Варшава. У Азербайджан з Ірану палякі былі дастаўленыя наземным шляхам.
- Эвакуацыя з Тэгерану завершаная. У іранскай сталіцы засталася невялікая група грамадзян Польшчы, якія не захацелі выязджаць.
У сваю чаргу ў чацвер вечарам у Варшаве чакаецца транспартны самалёт ВПС Польшчы з 65-ю польскімі грамадзянамі на борце. Яны былі эвакуяваныя з Ізраіля. Самалёт забраў пасажыраў са сталіцы Ярданіі Аману, куды палякаў даставілі наземным шляхам з Ізраілю.
Павал Вроньскі сказаў, што «мы не кідаем сваіх». «Мы стараемся з «гарачых кропак» эвакуяваць усіх, хто хоча выехаць», – паведаміў прэс-сакратар. МЗС у Варшаве пры гэтым падкрэсліла, што ведамства аператыўна рэагуе на сітуацыю.
«Італія толькі пачынае эвакуацыю сваіх грамадзян, мы ж знаходзімся на этапе рэалізацыі аперацыі», – зазначыла польскае знешнепалітычнае ведамства ў сацсетках.
вс