Беларуская Служба

Польшча і краіны Балтыі заклікалі ЕС узмацніць абарону ўсходняй мяжы

21.06.2025 13:18
У лісце чатырох палітыкаў падкрэсліваецца «нарастаючая пагроза з боку Расіі і Беларусі», якая выяўляецца ў дэстабілізуючых і дыверсійных дзеяннях, а таксама ў выкарыстанні мігрантаў як «інструмента палітычнага ціску».
Польскія снайперы на мяжы з БеларуссюФота: Dowództwo Generalne Rodzajów Sił Zbrojnych

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск і лідары краін ды кіраўнікі ўрадаў Літвы, Латвіі і Эстоніі заклікалі Еўрапейскую камісію і Еўрапейскую раду падтрымаць праекты па ўмацаванні ўсходняй мяжы Еўрапейскага Саюза. Кіраўнік польскага ўрада, а таксама прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэмʼер-міністр Латвіі Эвіка Сіліня і прэмʼер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал сумесна звярнуліся з заклікам аб фінансавай падтрымцы ініцыятыў «Усходні шчыт» і «Балтыйская лінія абароны».

У лісце чатырох палітыкаў падкрэсліваецца «нарастаючая пагроза з боку Расіі і Беларусі», якая выяўляецца ў дэстабілізуючых і дыверсійных дзеяннях, а таксама ў выкарыстанні мігрантаў як «інструмента палітычнага ціску».

«Расія правярае нашу здольнасць да стрымлівання і ўстойлівасць з дапамогай дэстабілізуючых дзеянняў і дыверсій, асабліва на ўсходніх межах Еўрапейскага Саюза. Дадатковым фактарам ціску зʼяўляецца выкарыстанне мігрантаў як зброі з боку Расіі і Беларусі», – гаворыцца ў лісце.

Заклік быў зроблены напярэдадні маючага адбыцца саміту краін ЕС, які пройдзе 26 і 27 чэрвеня. Адной з галоўных тэм сустрэчы стане вайна ва Украіне і далейшае ўмацаванне абароназдольнасці Еўропы.

Падпісанты ліста падкрэсліваюць, што «Балтыйская лінія абароны» і «Усходні шчыт» накіраваныя на «прадухіленне, зрыў і стрымліванне» патэнцыйных агрэсараў.

Праграма «Усходні шчыт» прадугледжвае будаўніцтва ўмацаванняў уздоўж усходняй і паўночнай мяжы Польшчы. У сваю чаргу «Балтыйская лінія абароны» – гэта ініцыятыва балтыйскіх краін, накіраваная на ўмацаванне ўсходняга флангу НАТА і абарону Літвы, Латвіі і Эстоніі ад магчымага ўварвання з усходу.

вс