Беларуская Служба

Гісторык Славамір Цэнцкевіч стане кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы

03.07.2025 13:02
У траўні яму былі прад'яўлены абвінавачванні за раскрыццё сакрэтных дакументаў, датычных аператыўнага плана «Варта».
 , a    -
Славамір Цэнцкевіч, a на заднім плане - новаабраны прэзідэнт Караль Наўроцкі PAP/Leszek Szymański

Новым кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы стане Славамір Цэнцкевіч (Sławomir Cenckiewicz). Гэта былы дырэктар Ваенна-гістарычнага бюро і гісторык, які спецыялізуецца на даследаванні спецслужбаў Польскай Народнай Рэспублікі.

Пра гэта паведаміў новаабраны прэзідэнт Караль Наўроцкі (Karol Nawrocki). Ён заявіў, што высока ацэньвае працу Цэнцкевіча і лічыць яго чалавекам, кампетэнтным узначаліць установу, адказную за дзяржаўную бяспеку:

- Прафесар Цэнцкевіч – гэта рашучы чалавек, што ён меў магчымасць даказаць, будучы кіраўніком Камісіі па ліквідацыі Ваеннай інфармацыйнай службы (WSI), а таксама старшынёй Камісіі па расследаванні расійскіх уплываў у Польшчы. Мы ведаем, што гэта пагроза з боку Расійскай Федэрацыі, у тым ліку аператыўная, надалей актуальная. Менавіта таму было прынята рашэнне прызначыць прафесара Славаміра Цэнцкевіча кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі.

Намеснікамі Славаміра Цэнцкевіча ў Бюро нацыянальнай бяспекі стануць генералы Анджэй Кавальскі і Міраслаў Брысь – дасведчаныя афіцэры з аператыўным і аналітычным вопытам.

У траўні Славаміру Цэнцкевічу былі прадʼяўлены абвінавачванні ў тым, што ён дапамог раскрыць фрагменты аператыўнага плана «Варта» ў дакументальным фільме «Перазагрузка» (Reset), падрыхтаваным TVP у 2023 годзе. Згаданыя матэрыялы раней былі пазначаны грыфамі «Сакрэтна» і «Цалкам сакрэтна» і ўтрымлівалі, сярод іншага, канцэпцыю адводу польскіх узброеных сіл на лінію Віслы ў выпадку ваеннай пагрозы.

Дакументы былі апублікаваныя ў сацыяльных сетках правай партыі «Права і справядлівасць» што, паводле пракуратуры, магло нанесці сурʼёзную шкоду бяспецы Польшчы.

Славамір Цэнцкевіч сваёй віны не прызнаў і публічна заявіў, што не шкадуе аб сваіх учынках.

Нагадваем, Нацыянальны сход, падчас якога спікер Сейма Шыман Галоўня прыме прэзідэнцкую прысягу Караля Наўроцкага, скліканы на 6 жніўня.

IAR/аз

Ці магчымыя сур'ёзныя памылкі на выбарах у Польшчы і ці суд можа загадаць паўторны падлік галасоў?

13.06.2025 07:00
Цікавы факт: у выбарчай камісіі павінна быць не менш за пяць чальцоў, іх колькасць павінна быць няцотная.