Ці было рашэнне аб вяртанні памежнага кантролю правільным? Такое пытанне выданне Rzeczpospolita задало палякам. Вынікі апытання не пакідаюць сумненняў — большасць падтрымлівае ініцыятыву. Вылучаецца толькі адна сацыяльная група.
Паводле дадзеных даследавання SW Research, 74,9 % апытаных лічаць вяртанне кантролю на мяжы з Германіяй і Літвой з 7 ліпеня правільным крокам. 10,9 % не згодныя з гэтым рашэннем, а 14,2 % не маюць выразнай пазіцыі. Падтрымка высокага ўзроўню зафіксаваная сярод усіх сацыяльных груп — незалежна ад узросту, адукацыі і даходаў — у межах 70–80 %. Толькі сярод маладых людзей да 24 гадоў назіраецца крыху ніжэйшы паказчык: 69,1 % падтрымліваюць, а 17,2 % выступаюць супраць аднаўлення памежнага кантролю.
Праверкі на мяжы з Германіяй і Літвой будуць праводзіцца з панядзелка, 7 ліпеня, да аўторка, 5 жніўня. На польска-нямецкай мяжы вызначана 52 пункты пропуску (16 з іх — сталыя), на польска-літоўскай — 13 (2 сталых). Аб’ём праверак будзе залежаць ад рызыкі для грамадскай бяспекі і пагрозы нелегальнай іміграцыі.
Праверкі будуць весціся з выкарыстаннем спецыяльных кантэйнераў і аўтобусаў. Таксама будуць дзейнічаць мабільныя патрулі Памежнай службы пры падтрымцы вайскоўцаў з тэрытарыяльнай абароны і вайсковай жандармерыі.
Апытанне праведзена 1–2 ліпеня 2025 года сярод 800 дарослых інтэрнэт-карыстальнікаў на платформе SW Panel. Выбарка сфарміраваная выпадкова-квотным метадам і карэктавалася аналітычнай вагой з улікам сацыяльна-дэмаграфічных параметраў.
эж