Беларуская Служба

Пачаліся выплаты неадкладнай дапамогі пагарэльцам з Зомбак ля Варшавы

07.07.2025 11:50
Кватэры на чацвёртым і пятым паверхах амаль цалкам згарэлі, а кватэры на ніжэйшых паверхах былі затопленыя падчас тушэння пажару.
Панарама горада Зомбкі са згарэлым шматкватэрным домамPAP/Leszek Szymański

З сённяшняга дня пачынаюцца выплаты фінансавай падтрымкі людзям, якія на мінулым тыдні пацярпелі ад буйнога пажару ў шматкватэрным даме ў Зомбках(Ząbki) ля Варшавы.

Мэр горада Малгажата Зыськ (Małgorzata Zyśk) распавяла Польскаму радыё пра памер дапамогі:

- Першыя выплаты сёння будуць пералічаныя на рахункі пацярпелых у пажары жыхароў. Гаворка ідзе пра дапамогу ў памеры 8 тысяч злотых (больш за 1 882 еўра), якія былі перададзеныя ўрадам пры пасярэдніцтве Мазавецкага ваяводы.

Службы надалей працуюць на месцы, дзе ў чацвер адбыўся буйны пажар. Паліцыя пастаянна пільнуе будынку. Функцыянеры прапускаюць у кватэры выключна жыхароў трох першых паверхаў. Да верхніх паверхаў дагэтуль дабрацца немагчыма.

У чацвер вечарам у Зомбках пад Варшавай на вуліцы Паўстанцаў успыхнуў пажар. Агонь распаўсюдзіўся на гарышчы трох злучаных паміж сабой жылых будынкаў. Кватэры на чацвёртым і пятым паверхах амаль цалкам згарэлі. У сваю чаргу кватэры на ніжэйшых паверхах, былі затопленыя падчас тушэння пажару. У выніку былі эвакуяваныя каля 500 чалавек.

IAR/аз

Пажарнікі тушаць велізарны пажар ля Варшавы (ФОТА)

03.07.2025 22:50
На месцы здарэння знаходзяцца, як мінімум, 30 пажарных камандаў, а таксама паліцыя і хуткая дапамога.