Беларуская Служба

Палякі не вераць у супрацоўніцтва паміж урадам краіны і новым прэзідэнтам – апытанне

14.07.2025 10:53
6 жніўня Караль Наўроцкі, які выйграў выбары 1 чэрвеня, афіцыйна зойме пасаду прэзідэнта Польшчы.
Дональд Тускtwitter.com/PremierRP

Ажно 69% жыхароў Польшчы не верыць у супрацоўніцтва паміж урадам Польшчы на чале з Дональдам Тускам і новым прэзідэнтам Каралем Наўроцкім, вынікае з апытання, праведзенага сацыялагічным інстытутам Pollster па замове газеты Super Expressu. Адваротнага меркавання прытрымліваецца 31% рэспандэнтаў.

Аднак існуюць сферы, у якіх урад будзе мець падтрымку прэзідэнта. Раней Наўроцкі заяўляў, што будзе падтрымліваць Кабінет міністраў, у прыватнасці, у ініцыятывах, звязаных са змяншэннем падаткаў, прасямейнай палітыцы і пытаннях бяспекі.

6 жніўня Караль Наўроцкі, які выйграў выбары 1 чэрвеня, афіцыйна зойме пасаду прэзідэнта Польшчы. У гэты дзень завяршаецца другі і апошні тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў актуальнага кіраўніка краіны Анджэя Дуды.

Караль Наўроцкі. Крыніца: PAP/Wojtek Jargiło Караль Наўроцкі. Крыніца: PAP/Wojtek Jargiło

Туск і Наўроцкі – прадстаўнікі розных палітычных асяроддзяў. Дональд Туск кіруе ўрадам шырокай кааліцыі, у якую ўваходзяць партыі цэнтрысцкай і левай арыентацыі. У сваю чаргу Наўроцкі – прадстаўнік кансерватыўных колаў.

У Польшчы прэзідэнт выконвае перш за ўсё рэпрэзентатыўную функцыю і не мае шырокай улады як у іншых дэмакратычных краінах, для прыкладу, Францыі і ЗША. Сярод важнейшых задач кіраўніка краіны – канчатковае зацвярджэнне законаў, прынятых парламентам, прызначэнне паслоў у замежных краінах, павышэнне ў званнях генералаў і інш.

вс