Пасля інцыдэнту 10 ліпеня на мяжы з Беларуссю, у якім быў паранены польскі салдат з 12-й Шчэцінскай механізаванай дывізіі, праваахоўныя органы ўзбудзілі дзве асобныя справы. Раённая пракуратура Беласток-Поўнач распачала расследаванне магчымага злоўжывання, дапушчанага вайскоўцам. Іншая справа, якую ўзбудзіла ваенная жандармерыя, датычыць абставін нападу на салдата. На дадзены момант абвінавачванні нікому не прад'яўленыя.
Напад на салдата здарыўся ў чацвер вечарам каля гарадка Міхалова недалёка ад мяжы з Беларуссю, паведаміў маёр Блажэй Лукашэўскі, прэс-сакратар Падляшскай аператыўнай групы.
- Група агрэсіўных мігрантаў напала на нашых салдат. Яны кідалі ў вайскоўцаў камяні. Мігранты нелегальна перасяклі мяжу, адзін з іх непасрэдна напаў на нашага салдата. Жыццё і здароўе салдата апынулася пад пагрозай, таму яму прыйшлося абараняцца. Вайсковец быў траўмаваны. Першую медыцынскую дапамогу ён атрымаў на месцы, а пазней быў перавезены ў бальніцу.
Здароўе і жыццё пацярпелага салдата не знаходзіцца пад пагрозай, паведаміў маёр Лукашэўскі.
Інцыдэнт адбыўся 10 ліпеня. Трое мігрантаў спрабавалі перасекчы мяжу праз раку з боку Беларусі. Двое з іх адступілі, заўважыўшы патруль, але трэці пайшоў далей. Па словах вайскоўцаў, афганец павёў сябе агрэсіўна і напаў на салдата. У адказ ён прыняніў гладкаствольную зброю з гумовымі кулямі і ўдарыў мігранта прыкладам. Нападнік атрымаў траўму галавы і быў шпіталізаваны, а затым пераведзены ў цэнтр для замежнікаў.
Пракуратура пачала расследаванне па артыкуле 231 КК Польшчы – перавышэнне паўнамоцтваў службовай асобай. Паралельна ваенная жандармерыя вядзе асобную справу аб нападзе на салдата.
Маёр Блажэй Лукашэўскі паведаміў, што з пачатку года зафіксавана больш за 15 тыс. спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. З пачатку ліпеня – больш за тысячу.
вс