Беларуская Служба

У Польшчы пачынаюцца Міжнародныя дні фальклору

15.07.2025 08:32
Імпрэза пройдзе ў Ольштыне, у гэтым годзе ў іх возьмуць удзел гурты з Гвінеі, Інданезіі і Калумбіі. Традыцыйна мерапрыемства адкрыецца шэсцем танцораў па вуліцах Старога горада.
Міжнародныя дні фальклору ў ОльштынеMonika Kaczyńska/PAP

Дні фальклору ўжо шмат гадоў карыстаюцца папулярнасцю. «Гэта адзін з найлепшых спосабаў даведацца пра культуры іншых краін свету. Пакуль што ў Ольштыне ў нас былі толькі станоўчыя эмоцыі і падзеі, звязаныя з гэтым мерапрыемствам», — сказаў PAP Пётр Падгурскі з Ольштынскага муніцыпальнага культурнага цэнтра, які арганізуе мерапрыемства сумесна з Вармінскім ансамблем песні і танца з Ольштына. У інтэрв'ю PAP Падгурскі прызнаўся, што найбольшы энтузіязм заўсёды выклікаюць самыя экзатычныя гурты.

«Але госці з Сербіі штогод захапляюць публіку сваёй энергіяй. Сербія можа зачараваць кожнага», — дадаў Падгурскі.

Сёлетнія дні фальклору пачнуцца а 17:30, калі працэсія, якая складаецца з членаў усіх груп-удзельніц, адправіцца ад Высокай Брамы ў бок амфітэатра Чэслава Немэна. У гэтым годзе ў Ольштын прыехалі групы з Гвінеі, Інданезіі, Калумбіі, Сербіі, Турцыі, Злучаных Штатаў Амерыкі і Венгрыі. Польшчу будуць прадстаўляць Вармія і гурт Вронкі.

«У пятніцу ўдзельнікі мерапрыемства запрашаюць жыхароў і гасцей Ольштына далучыцца да танцаў паланэза. Пачнем а 17:00, таксама ля Высокай Брамы», — дадаў Падгурскі.

У рамках дзён фальклору таксама пройдзе 31-ы Нацыянальны конкурс польскіх танцаў «Вармія 2025». Танцаваць будуць пары з усёй краіны.

Усе мерапрыемствы, звязаныя з днямі фальклору, можна будзе паглядзець бясплатна ў амфітэатры Ольштына ў Старым горадзе.

Інданезійскі гурт таксама наведае дзіцячую бальніцу ў Ольштыне і выступіць перад яе пацыентамі.

PAP/юл