Беларуская Служба

Найбольшая частка замежных інвестыцый у Польшчы паходзіць са Злучаных Штатаў

17.07.2025 13:10
Агульны кошт інвестыцыйных выдаткаў, заяўленых інвестарамі за першыя шэсць месяцаў года складае 2,4 мільярда еўра
  -
Замежныя інвестыцыі - ілюстрацыяwww.trade.gov.pl

У першай палове года Польшча прыцягнула найбольш замежных інвестыцый са Злучаных Штатаў, ацэначны кошт якіх склаў 1,6 мільярда еўра.

Згодна з дадзенымі Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, агульны кошт інвестыцыйных выдаткаў, заяўленых інвестарамі за першыя шэсць месяцаў года складае 2,4 мільярда еўра.

Старшыня агенцтва Павел Пудлоўскі (Paweł Pudłowski) сказаў, што гэта была найлепшая першая палова года за апошнія гады.

— Мы вельмі ганарымся гэтым. Мы разумеем, што інвестыцыйны клімат ва ўсім свеце і ў Польшчы вельмі складаны. Да нас звяртаюцца з усё больш і больш цікавымі праектамі, усё больш тэхналагічна прасунутымі, якія ахопліваюць сферы экалогіі, перапрацоўкі, цыркулярнай эканомікі і аўтамабілебудавання. Мы з'яўляемся чэмпіёнам у Еўропе і калі гаворка ідзе пра вытворчасць акумулятараў, гэта звязана не толькі з электрамабільнасцю, але і з ростам тэндэнцыі стварэння аб'ектаў захоўвання энергіі.

Польскае агенцтва гандлю і інвестыцый займаецца падтрымкай польскага экспарту, а таксама кансультуе па пытаннях прыцягнення замежных інвестыцый у Польшчу. Агенцтва мае свае офісы на сямідзесяці замежных рынках.

IAR/яс