Беларуская Служба

80 антымігранцкіх маршаў пройдуць у Польшчы. Міністарка: Нам патрэбна адказная палітыка, а не пратэсты

18.07.2025 14:04
Іх удзельнікі выступаюць супраць міграцыйнай палітыкі як цяперашняга, так і папярэдняга ўрадаў.
               .
Многія эксперты заклікаюць улады абачліва ставіцца да палітызацыі пытанняў бяспекі і не дапускаць радыкалізацыі ў грамадстве. PAP/Lech Muszyński

У больш як 80 гарадах Польшчы ў пятніцу і суботу запланаваныя антыіміграцыйныя маршы, арганізаваныя ўльтраправай партыяй «Канфедэрацыя». Іх удзельнікі выступаюць супраць міграцыйнай палітыкі як цяперашняга, так і папярэдняга ўрадаў.

Адна з такіх акцый адбудзецца ўвечары ў Познані. Паводле паведамленняў, у ёй возьмуць удзел фанаты з Познані і Кракава. Падобныя маршы адбудуцца таксама ў Варшаве, Любліне і Уроцлаве ды многіх іншых гарадах Польшчы. 

Міністарка сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Агнешка Дзем’яновіч-Бонк, каментуючы сітуацыю, заявіла:

— Нам патрэбна не антыіміграцыйная істэрыя, а адказная і моцная міграцыйная палітыка. Такая, што будзе абараняць інтарэсы дзяржавы, унутраную бяспеку Польшчы і саміх грамадзян — у тым ліку ад крайне правых груповак, якія пад выглядам палітычнай барацьбы сеюць страх і ствараюць пагрозу бяспецы.

Многія эксперты заклікаюць улады абачліва ставіцца да палітызацыі пытанняў бяспекі і не дапускаць радыкалізацыі ў грамадстве.

IAR/эж