Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у сераду, 23 ліпеня, афіцыйна прадставіў абноўлены склад урада Польшчы. Колькасць міністраў у кабінеце скарацілася з 26 да 21.
Дональд Туск, сярод іншага, заявіў, што ўрад хоча забяспечыць ваенную, матэрыяльную, энергетычную і медычную бяспеку Польшчы. Прадстаўляючы новы кабінет міністраў, палітык падкрэсліў неабходнасць аднаўлення правапарадку ў краіне, а таксама належнага рэагавання на ўнутраны і знешні сабатаж.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што гэтыя змены — не толькі арганізацыйныя, але і маюць сімвалічны характар: гэта канчатковае завяршэнне перыяду траўмы пасля пройгрышу на прэзідэнцкіх выбарах.
— Ніякая параза, у тым ліку і на прэзідэнцкіх выбарах, не апраўдвае такога настрою — роспачы, апушчаных рук, капітулянцкіх думак. Гэта ўвогуле не павінна разглядацца як варыянт. Час паслявыбарчай траўмы сёння канчаткова завяршаецца. І я заклікаю ўсіх, хто думае пра Польшчу гэтак жа, як і мы, адкінуць спакусу сумнення, апатыю.
У новы склад урада ўвайшлі:
- міністрам юстыцыі стане Вальдэмар Журэк,
- Томаш Сямоняк узначаліць каардынацыю работы спецслужбаў,
- Марцін Кервіньскі — новы міністр унутраных спраў і адміністрацыі,
- Радаслаў Сікорскі, акрамя пасады кіраўніка МЗС, стане віцэ-прэм’ерам,
- новае Міністэрства энергетыкі ўзначаліць Мілаш Матыка,
- міністрам дзяржаўных актываў стаў Войцех Бальчун,
- Анджэй Даманьскі ўзначаліць аб’яднаны Мінфін і Міністэрства эканомікі,
- міністрам сельскай гаспадаркі стане Стэфан Краеўскі,
- Міністэрства аховы здароўя ўзначаліць Ёланта Собераньска-Грэнда,
- міністрам культуры стане Марта Ценькоўска, якая раней займала пасаду намесніцы міністра,
- кантроль за рэалізацыяй урадавай палітыкі на сябе возьме Мацей Берэк,
- новым міністрам спорту прызначаны Якуб Рутніцкі.
Цырымонія прысягі новых міністраў запланаваная на чацвер, а першае пасяджэнне ўрада ў новым складзе адбудзецца ў пятніцу. Папярэдні склад урада Дональда Туска быў самым шматлікім у гісторыі Польшчы.
IAR/эж