Беларуская Служба

У чэрвені беспрацоўе ў Польшчы крыху вырасла, але застаецца на нізкім узроўні

23.07.2025 16:17
На канец чэрвеня ўзровень беспрацоўя ў Польшчы склаў 5,2% супраць 5,0% ў траўні.
Беспрацоўе ў Польшчы застаецца на нізкім узроўні Shutterstock/PeopleImages.com - Yuri A

Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, на канец чэрвеня ўзровень беспрацоўя ў Польшчы склаў 5,2% супраць 5,0% ў траўні.

Дырэктар Бюро стратэгіі рынкаў у PKO Bank Polski Марыюш Адамяк адзначыў, што беспрацоўе ўсё яшчэ трымаецца каля рэкордна нізкіх значэнняў. Паводле яго, чэрвеньскі рост колькасці зарэгістраваных беспрацоўных не сведчыць пра пагаршэнне сітуацыі на рынку працы:

— Найверагодней, гэты нязначны рост выкліканы рэформай службы занятасці, якая спрасціла працэдуру рэгістрацыі беспрацоўных. Верагодна, больш людзей звярнулася ва ўстановы і прайшло рэгістрацыю. Іншыя эканамічныя паказчыкі не сведчаць пра зніжэнне попыту на працу, — падкрэсліў эксперт.

Эканаміст таксама не чакае росту беспрацоўя ў найбліжэйшыя кварталы. Наадварот, як ён адзначае, у перспектыве некалькіх гадоў прагназуецца дынамічнае развіццё польскай эканомікі, што створыць павышаны попыт на кадры.

IAR/эж