Паводле дадзеных Eurostat, апублікаваных 23 ліпеня, Польшча заняла другое месца ў Еўрасаюзе па росту прамысловай вытворчасці з 2000 года — сярэдні гадавы рост склаў 4,9%. Лідарам стала Ірландыя з паказчыкам 5,6%, аднак аналітыкі адзначаюць, што яе вынікі істотна залежалі ад ваганняў кан’юнктуры.
У сярэднім па ЕС прамысловасць расла на 0,6% у год. Устойлівы рост звыш 4% назіраўся таксама ў Літве, Эстоніі і Славакіі.
Eurostat падкрэслівае, што рост у Польшчы мае стабільны характар і адлюстроўвае доўгатэрміновае структурнае ўмацаванне эканомікі. Гэта стала вынікам інвестыцый у вытворчасць, экспартна арыентаваны рост і інтэграцыю з ланцужкамі паставак унутры ЕС.
Найбольшае падзенне адзначалася ў Італіі (–1,1%) і Партугаліі (–0,9%). Скарачэнне вытворчасці адбылося і ў Іспаніі, Францыі, Грэцыі і Люксембургу.
У апошнія 25 гадоў у ЕС найбольш дынамічна развіваліся фармацэўтыка, вытворчасць электраабсталявання, транспартных сродкаў і камп’ютарнай тэхнікі. Здабыўная прамысловасць у ЕС скарацілася амаль удвая.
PAP/эж