«Кожны дзень з польскім сцягам на арбіце быў вялікім гонарам», — сказаў польскі касманаўт Славаш Узнаньскі-Віснеўскі, які прыбыў у Польшчу ў чацвер. Ён дадаў, што гатовы працягваць прадстаўляць Польшчу ў якасці касманаўта, калі з'явіцца такая магчымасць.
Узнаньскі-Віснеўскі вярнуўся ў Польшчу на борце ўрадавага самалёта. Падчас прэс-канферэнцыі ў аэрапорце імя Шапэна ён пачаў з падзякі за «вельмі цёплы» прыём. У Варшаўскім аэрапорце яго чакалі больш за 200 чалавек: аматары і энтузіясты астраноміі, у тым ліку дзеці з польскімі сцягамі, транспарантамі, футболкамі з арлом і плакатамі місіі IGNIS.
Касманаўт падзякаваў «усім, хто ўдзельнічаў у місіі: Міністэрству развіцця і тэхналогій, Польскаму касмічнаму агенцтву, Еўрапейскаму касмічнаму агенцтву, міжнародным партнёрам з NASA і Axiom, якія выконвалі нашу місію, а таксама ўсім, хто працаваў над польскай місіяй».
Ён падкрэсліў, што над яго місіяй працавала каля 500 чалавек. «Гэта 500 чалавек з касмічным вопытам сёння, якія гатовыя ствараць абсталяванне, праводзіць касмічныя аперацыі або эксперыменты дзеля нашай будучыні. Спадзяюся, мы добра скарыстаемся гэтым, зможам будаваць нашу будучыню і сапраўды ўбачыць, як развіваюцца нашы тэхналогіі», — падкрэсліў ён.
Славаш Узнанскі-Віснеўскі — касманаўт праекта ESA, другі паляк у космасе пасля Міраслава Гермашэўскага і першы грамадзянін Польшчы, які ступіў на Міжнародную касмічную станцыю (МКС). Яго місія Ax-4 была запушчана 25 чэрвеня. Акрамя паляка, у місіі ўдзельнічалі амерыканка Пэгі Уітсан, венгр Тыбар Капу і індыйскі пілот Шубханшу Шукла. 26 чэрвеня капсула Dragon Grace з чатырма касманаўтамі на борце прыстыкавалася да МКС, а касманаўты вярнуліся на Зямлю 15 ліпеня.
ав/фота: PAP/Leszek Szymański