Сёння адзначаецца Сусветны дзень бабуль і дзядуль ды агулам пажылых людзей. У Каталіцкім касцёле свята адзначаецца ўжо пяты раз. Яно было заснавана ў 2021 годзе Папам Францішкам.
Госць Польскага радыё – тэрапеўт, кардыёлаг і дыетолаг доктар Міхал Мулярчык (Michał Mularczyk). Ён адзначае, наколькі важныя правільнае харчаванне, пітной рэжым і фізічныя практыкаванні ў жыцці пажылых людзей. Доктар раіць тым, хто раней не займаўся спортам, пачаць свае спартыўныя практыкаванні з хады. Пажылым асобам рэкамендуюць скандынаўскую хаду.
— Падчас такой хады чалавек карыстаецца больш чым 90% цягліцаў у сваім целе. А ў часе звычайнай прагулкі задзейнічаны каля 40% мышцаў. Калі мы ходзім правільна, мы выпрамляем пазваночнік, змяншаем нагрузку на яго. Гэта вельмі важна для нашага цела. Рух спрыяе паскарэнню кровазвароту і лімфазвароту. Калі лімфа затрымліваецца ў нагах, паяўляюцца ацёкі. А пасля хуткай прагулкі ацёкі павінны зменшыцца, лімфа будзе лепш цыркуліраваць. Нельга забываць, што лімфа – гэта наш імунітэт.
Сусветны дзень бабуль, дзядуль і Дзень пажылых людзей адзначаецца ў Каталіцкім касцёле ў чацвёртую нядзелю ліпеня.
IAR/нг