Беларуская Служба

81 год таму пачалося Варшаўскае паўстанне, якое, з-за жорсткасці, немцы параўноўвалі да Сталінградскай бітвы

01.08.2025 08:15
На працягу 63 дзён польскія жаўнеры, значна горш узброеныя, чым немцы, змагаліся за кожны дом і кожны метр зямлі акупаванай сталіцы.
Дырэктар Музея Варшаўскага паўстання Ян АлдакоўскіWojciech Kusiński/Polskie Radio

«Злачынствы забіваюць не толькі людзей, але і памяць», – заявіў у эфіры Першай праграмы грамадскага Польскага радыё дырэктар Музея Варшаўскага паўстання Ян Алдакоўскі(Jan Ołdakowski). Гэта спасылка на лозунг сёлетняй гадавіны найбуйнейшага ўзброенага зрыву падполля ў акупаванай немцамі Еўропе: «Падзяліцеся сваёй памяццю, інакш яна знікне»:

- Злачынствы, калі яны маюць характар генацыду, забіваюць не толькі людзей, але і памяць. Памяць можа знікнуць, калі яна будзе, скажам так, уласнасцю канкрэтнага пакалення і не будзе перададзеная далей.

81 год таму, 1 жніўня 1944 года, пачалося Варшаўскае паўстанне. Гэта было найбуйнейшае паўстанне за незалежнасць Арміі Краёвай і найбуйнейшая ўзброеная акцыя падполля ў акупаванай немцамі Еўропе.

На працягу 63 дзён польскія жаўнеры, значна горш узброеныя, чым немцы, змагаліся за кожны дом і кожны метр зямлі акупаванай сталіцы. Жыхары Варшавы, скаўты і дзеці далучыліся да барацьбы, распаўсюджвалі справаздачы і дапамагалі будаваць барыкады.

Паўстанне завяршылася падпісаннем пагаднення аб спыненні ваенных дзеянняў у Варшаве. Яно не дасягнула ні сваёй ваеннай, ні палітычнай мэты. Аднак па сённяшні дзень застаецца сімвалам мужнасці і нязломнай барацьбы за свабоду.

Падчас баёў загінула ад 16 000 да 18 000 паўстанцаў. Амаль 25 000 атрымалі раненні, у тым ліку больш за 6 000 – сур'ёзныя. Пасля капітуляцыі ў палон было ўзята каля 12 000 жаўнераў. Страты сярод мірнага насельніцтва склалі ад 150 000 да 180 000 чалавек.

Нягледзячы на велізарную ваенную перавагу, нямецкія войскі панеслі амаль 50-працэнтныя страты – 10 000 забітых, 6 000 – 7 000 зніклых без вестак і 9 000 параненых.

Немцы параўноўвалі баі супраць паўстанцаў са Сталінградскай бітвай.

IAR/аз

Завяршыўся 34-ы Бег Варшаўскага паўстання (ФОТА)

28.07.2025 17:57
11 тысяч удзельнікаў прабеглі 5- і 10-кіламетровыя забегі ў памяць герояў паўстання 1944 года.