З пачатку летніх канікул паліцыя затрымала 10 658 п'яных кіроўцаў. Гэта амаль на 150 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Паводле паліцэйскіх дадзеных, у Польшчы адбылося 158 ДТЗ са смяротным зыходам. Асноўнай прычынай застаецца перавышэнне хуткасці. Камісар Антоні Жэчкоўскі (Antoni Rzeczkowski) з Упраўлення дарожнага руху Нацыянальнага штаба паліцыі паведаміў Польскаму радыё, што ў першы месяц канікул за значнае перавышэнне хуткасці было затрымана больш за 2600 кіроўцаў.
— З пачатку перыяду летніх водпускаў паліцыя зафіксавала 2692 здарэнні, калі кіруючыя транспартным сродкам перавысілі дазволеную хуткасць на больш чым 50 кіламетраў у гадзіну на забудаванай тэрыторыі. У мінулым годзе было 2901 такое правапарушэнне.
Паліцыя заклікае кіроўцаў быць асцярожнымі і выконваць правілы дарожнага руху. Супрацоўнікі таксама нагадваюць кіроўцам пра неабходнасць прышпільвацца рамянямі бяспекі і перавозіць дзяцей у адпаведных дзіцячых крэслах. Перад адпраўленнем у адпачынак таксама варта пераканацца, што ваш аўтамабіль у добрым тэхнічным стане.
IAR/нг