16 верасня Польская Аўтакефальная Праваслаўная Царква абвесціць святымі групу духоўных і свецкіх асобаў, забітых за веру ў ХХ стагоддзі. Сярод іх — праваслаўныя святары, расстраляныя НКУС у Катыні ў 1940 годзе:
– протаіерэй палкоўнік Сымон Федаронька, галоўны праваслаўны капелан Войска Польскага,
– протаіерэй падпалкоўнік Віктар Раманоўскі,
– іерэй маёр Уладзімір Охаб.
Кананізуюць таксама іншых святароў і свецкіх, чые імёны вядомыя і невядомыя, загінулых у савецкіх лагерах, у ссылцы, у канцлагерах і падчас Варшаўскага паўстання. Як адзначыў мітрапаліт Сава, многія з іх былі сведкамі надання аўтакефаліі Праваслаўнай Царкве ў Польшчы ў 1925 годзе.
Урачыстасць кананізацыі адбудзецца 16 верасня ў варшаўскай царкве Святой Сафіі і стане часткай святкавання 100-годдзя аўтакефаліі. Днём памяці новых святых вызначаны 17 верасня. Мітрапаліт Сава заклікаў духавенства і вернікаў узяць удзел у падзеі і арганізоўваць паломніцтвы ў іх гонар.
PAP/эж