Новы навучальны год пачынаецца з выразнага сігналу, што дэмаграфічны крызіс у Польшчы паглыбляецца. Паводле ацэнак Міністэрства адукацыі Польшчы, у 2025/2026 навучальным годзе ў школах будзе 4,89 млн вучняў. Асабліва трывожна выглядае сітуацыя ў першых класах пачатковых школ: там чакаецца 396,6 тыс. дзяцей — на 30 тыс. дзяцей менш, чым летась.
Гэтая тэндэнцыя цесна звязаная са стратай вялікіх пакаленняў. У 1980-я гады нараджалася звыш 700 тыс. дзяцей у год, у 90-я — ужо 400–500 тыс. У 2024 годзе нарадзілася толькі 251,9 тыс. малых палякаў, а ўпершыню з пасляваенных часоў у 2023 годзе колькасць знізілася ніжэй за 300 тыс.
Дэмографы папярэджваюць: праз некалькі гадоў школы сутыкнуцца з яшчэ большым адтокам вучняў. Паводле прагнозаў Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, да 2034 года колькасць дзяцей ва ўзросце 7–14 гадоў скараціцца амаль на 20%.
Міністэрства адукацыі Польшчы ўжо рыхтуе рашэнні: замест закрыцця невялікіх школ прапануецца ператварыць іх у адукацыйна-культурныя цэнтры, выкарыстоўваць будынкі больш гнутка, ствараць класы злучанага тыпу. Мэта — захаваць доступ да адукацыі побач з домам, асабліва на вёсцы і ў малых гарадах.
PAP/эж