Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў, што для ўрада ключавым з'яўляецца выступленне прэзідэнта Караля Наўроцкага ў ЗША. Па словах кіраўніка МЗС, польскі лідар павінен ясна акрэсліць фактычныя мэты Уладзіміра Пуціна ва Украіне, патрабаваць справядлівага міру і не дапусціць скарачэння амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Еўропе, асабліва ў Польшчы.
У Канцылярыі прэзідэнта Польшчы сказалі, што Наўроцкі падчас сустрэчы з Трампам плануе падкрэсліць, што Расіі і яе лідару Уладзіміру Пуціну «нельга давяраць».
Сікорскі звярнуўся да прэзідэнта напрамую ў апублікаваным у аўторак відэазвароце, нагадаўшы, што ў бліжэйшыя дні абодва будуць знаходзіцца ў ЗША: сам міністр сустрэнецца з дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіа, а прэзідэнт Наўроцкі правядзе перамовы з Дональдам Трампам у Белым доме.
- Рада міністраў прыняла пазіцыю, каб прэзідэнт дакладна ведаў, чаго прытрымлівацца ў размовах. Для нас самае важнае – пазначыць рэальную стратэгію Пуціна ва Украіне і выступіць супраць любых скарачэнняў прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы і Еўропе.
Кіраўнік МЗС таксама паведаміў, што прэзідэнт атрымаў ад міністэрства «шырокія аналітычныя матэрыялы» і выказаў надзею на поспех перамоваў у Вашынгтоне.
Візіт Караля Наўроцкага ў ЗША, які пачнецца заўтра, 3 верасня, стане яго першай замежнай паездкай на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Асноўныя тэмы перамоваў у Белым доме – ваенная і энергетычная бяспека Польшчы.
вс