У Польшчы праходзіць Агульнанацыянальнае чытанне. Гэтае культурнае мерапрыемства адбываецца штогод пад патранатам прэзідэнта Польшчы: упершыню яно прайшло ў 2012 годзе па ініцыятыве тагачаснага кіраўніка краіны Браніслава Камароўскага. Мэта грамадскай акцыі – прапагаванне нацыянальнай літаратуры, у тым ліку польскай класікі.
Штогод акцыю пачынаюць прэзідэнт Польшчы і першая лэдзі, зачытваючы фрагмент твору польскай літаратуры. Сёлета – гэта паэзія Яна Каханоўскага. У гэтым годзе, згодна з традыцыяй, акцыю распачалі прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і яго жонка Марта.
Чытанне праходзіць па ўсёй краіне: выбраны фрагмент твору чытаюць у гарадах і вёсках, у школах, бібліятэках, дыпламатычных прадстаўніцтвах і іншых месцах. Раней Агульнанацыянальнае чытанне адбывалася ў тым ліку ў Беларусі сярод польскай нацыянальнай меншасці, а таксама ў Польскім інстытуце ў Мінску ды ў консульствах Польшчы ў Брэсце і Гродне.
Агульнанацыянальнае чытанне – гэта ўнікальная акцыя, якая дапамагае ў пашырэнні польскай літаратуры і з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Нечым падобным у беларускім грамадстве можна назваць агульнанацыянальную дыктоўку.
Ян Каханоўскі (1530-1584 г.г.) – польскі паэт, перакладчык і драматург эпохі Адраджэння. Быў надворным паэтам караля Стэфана Баторыя.
вс