Беларуская Служба

Удасца дамовіцца? Палітыкі могуць сустрэцца і вырашыць пытанне прызначэння амбасадараў

07.09.2025 16:14
Канфлікт цягнецца ўжо паўтара года. 
    ( )      .
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі (на здымку) гатоў сустрэцца з міністрам замежных спраў. Фота: PAP/Marcin Obara

Караль Наўроцкі выказаў жаданне сустрэцца з Радаславам Сікорскім. Прэзідэнт у сваім допісе на платформе X адрэагаваў на паведамленне міністра замежных спраў, які падсумаваў візіт у ЗША. Кіраўнік МЗС адказаў на словы прэзідэнта, падзякаваўшы за запрашэнне і паведаміўшы, што застаецца ў распараджэнні кіраўніка дзяржавы.
На думку палітыкаў, такая размова неабходная. Старшыня сенацкай камісіі замежных спраў, сенатар Грамадзянскай кааліцыі Гжэгаж Схетына (Grzegorz Schetyna) мяркуе, што перад сустрэчай Наўроцкі –Сікорскі, хутчэй за ўсё, адбудуцца перамовы іх супрацоўнікаў.

 Сустрэча адзін на адзін мае сэнс, але яна павінна быць добра падрыхтаваная. Я веру, што такая сустрэча вельмі важная, каб абмеркаваць кантэкст розных візітаў, а таксама замежнай палітыкі ўраду, якая павінна быць сугучнай з дзеяннямі Канцылярыі прэзідэнта. З іншага боку, тэмай размовы могуць быць прызначэнні на пасады амбасадараў. Гэта важнае пытанне, гэтыя рашэнні неабходна прыняць.

Пра неабходнасць сустрэчы кажа таксама дэпутатка Еўрапарламента ад партыі «Права і справядлівасць» Анна Залеўска (Anna Zalewska). На яе думку, трэба супакоіць эмоцыі, у першую чаргу з боку ўрада, асабліва па пытаннях, якія датычаць прызначэння пасла Польшчы ў ЗША.

 Пазіцыя Спадара прэзідэнта адназначная – так, ён запрашае, так, патрэбная супраца. Але супраца патрэбная з абодвух бакоў. Нельга трымацца свайго рашэння аб прызначэнні амбасадарам спадара Кліха, які рабіў розныя заявы ў сацсетках.

Канфлікт паміж урадам і прэзідэнтам Польшчы адносна прызначэння паслоў цягнецца ўжо паўтара года. Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі ў сакавіку 2024-га адклікаў некалькі дзясяткаў дыпламатаў і прапанаваў новых кандыдатаў. Аднак без подпісу прэзідэнта афіцыйна прызначыць ці адклікаць амбасадара немагчыма.

У выніку ў шэрагу краін, у тым ліку ў ЗША, польскія прадстаўніцтвы ўзначальваюць дыпламаты са статусам chargé d’affaires, а не паслоў. Там, напрыклад, Богдан Кліх замяніў Марка Магераўскага. Былы прэзідэнт Анджэй Дуда адкрыта крытыкаваў такое рашэнне і заяўляў, што Кліх не павінен быць амбасадарам у Вашынгтоне.

IAR/нг