Беларуская Служба

Кантрабандысты перапраўляюць у Польшчу беларускія цыгарэты з дапамогай метэазонда

11.09.2025 07:45
Агулам у шаснаццаці выпадках былі выяўлены нелегальныя тытунёвыя вырабы на суму больш за 330 000 злотых (78,5 тысяч еўра).
Метэазонд з кантрабандайhttps://www.podlaski.strazgraniczna.pl/pod/aktualnosci/67677

Супрацоўнікі Падляскага падраздзялення Памежнай варты перахапілі пакеты з нелегальнымі цыгарэтамі. Іх перакінулі з Беларусі з дапамогай метэазонда.

Агулам у шаснаццаці выпадках, дзякуючы супрацоўніцтву функцыянераў Памежнай службы з мытнікамі і паліцыяй, былі выяўлены нелегальныя тытунёвыя вырабы на суму больш за 330 000 злотых (78,5 тысяч еўра).

Кантрабанду і кантрабандыстаў затрымлівалі ў некалькіх месцах.

Сярод іншага, супрацоўнікі памежнага паста ў Кузніцы затрымалі легкавы аўтамабіль, якім перавозілася кантрабанда.

«Двое грамадзян Польшчы перавозілі ў багажніку аўтамабіля пакеты з нелегальнымі цыгарэтамі з акцызнымі маркамі Беларусі. Цыгарэты былі перавезены ў Польшчу з дапамогай метэазонда», паведаміла прэс-служба Падляскага падраздзялення Памежнай варты.

У гміне Сухаволя ў полі быў знойдзены пакет з 1500 пачкамі нелегальных цыгарэт і рэшткі метэазонда.

Аналагічным чынам, у зоне дзеяння памежнага паста ў Крынках было выяўлена 1500 пачкаў цыгарэт без польскіх акцызных марак агульным коштам больш за 26 000 злотых (6 200 еўра).

Супрацоўнікі памежнай службы з Аўгустова таксама правялі аперацыі па затрыманні асоб, якія кантрабандай займаліся з выкарыстаннем метэаралагічных шароў.

«Былі затрыманыя на гарачым двое грамадзян Польшчы і адзін грамадзянін Літвы, якія прыйшлі забраць забаронены тавар», — паведаміла Памежная служба.

Затрыманым асобам будзе прад'яўлена абвінавачванне ў адпаведнасці з Падатковым крымінальным кодэксам, — паведаміла прэс-служба Падляскага падраздзялення Памежнай варты.
яс