Польска-беларуская мяжа не будзе адкрытая пасля завяршэння 16 верасня расійска-беларускіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2025», паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Пункты пропуску на мяжы застаюцца закрытымі да далейшага паведамлення ў мэтах бяспекі палякаў, гаворыцца ў заяве міністэрства.
«Забеспячэнне бяспекі грамадзян – наш прыярытэт. Мы падкрэсліваем, што прынятае рашэнне звязанае з расійска-беларускімі манеўрамі «Захад 2025», але гэта не азначае, што мяжа закрытая выключна на перыяд гэтых вучэнняў. Мы адновім рух тады, калі граніца будзе цалкам бяспечнай, і гэта будзе пацверджана адпаведнымі службамі», – паведаміла ведамства.
У заяве таксама зазначаецца, што польскія ўлады разумеюць складанасці, звязаныя з прыпыненнем памежнага руху для перавозчыкаў. Польскі бок паведамляе, што транспартныя кампаніі могуць карыстацца памежнымі пераходамі ў Літве для ажыццяўлення перавозак.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кярвінскі заявіў у панядзелак, што закрыццё мяжы наўпрост звязанае з пагрозай, якая зыходзіць ад вайсковых вучэнняў у Беларусі
– Мы ўважліва сочым за гэтым пытаннем. Спадзяюся, што закрыццё мяжы не будзе доўгатэрміновым, але вучэнні «Захад» усё яшчэ працягваюцца. Паглядзім, якія высновы мы атрымаем пасля завяршэння вострай фазы вучэнняў «Захад».
16 верасня на тэрыторыі Беларусі закончыліся беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025», якія праходзілі з 12 верасня.
вс