Беларуская Служба

Рэтра-аўтобусы на вуліцах Варшавы - у сталіцы праходзяць Дні грамадскага транспарту

21.09.2025 19:27
Заўтра праезд ва ўсім грамадскім транспарце будзе бясплатным.
У рамках Дзён грамадскага транспарту можна было наведаць дэпо Варшаўскага метро Крыніца: Miasto Stołeczne Warszawa

У Варшаве адбываюцца Дні грамадскага транспарту. З гэтай нагоды ў нядзелю на вуліцах сталіцы з'явіліся рэтра-аўтобусы.

Яны курсавалі па вызначаных трасах польскай сталіцы. Дні грамадскага транспарту – частка Еўрапейскага тыдня мабільнасці. Іх мэта – заахвоціць людзей адмовіцца ад легкавых аўтамабіляў на карысць грамадскага транспарту. Гаворыць прэс-сакратар Упраўлення гарадскога транспарту Варшавы Томаш Кунэрт.

- Мы імкнемся зрабіць грамадскі транспарт даступным для пажылых людзей, людзей з інваліднасцю і бацькоў з дзецьмі. Грамадскі транспарт, безумоўна, больш экалагічны, чым індывідуальны. Аўтобус з адным рухавіком, нават калі гэта рухавік унутранага згарання, які адпавядае самым высокім стандартам выкідаў, можа перавозіць больш за 100 чалавек.

Гістарычныя транспартныя сродкі, якія працавалі па спецыяльных маршрутах, не адпавядаюць гэтым стандартам з-за свайго ўзросту. Аднак часам яны выходзяць на вуліцы Варшавы, напрыклад, падчас Дзён грамадскага транспарту.

Улады Варшавы нагадваюць, што ў панядзелак, 22 верасня, – Дзень без аўтамабіля. Праезд ва ўсім грамадскім транспарце будзе бясплатным. Акрамя таго, усе 17 гарадскіх парковак тыпу Park & Ride ў сталіцы таксама будуць бясплатнымі.

вс