Польскія праваахоўнікі выкрылі злачынную групу, якая пастаўляла ў Беларусь і Расію аўтамабілі класа люкс у абыход санкцый. Пра гэта паведаміла Цэнтральнае следчае бюро паліцыі Польшчы.
Паліцэйскія затрымалі 20 чалавек. Згодна з папярэднім расследаваннем, група дзейнічала ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Германіі і іншых краінах Еўрасаюза з 2021 па 2025 год. За гэты час яны пераправілі ў Беларусь і Расію каля 600 люксавых аўтамабіляў, у прыватнасці, марак BMW, Mercedes, Porsche, Lexus і Range Rover.
Злачынная схема групы выглядала наступным чынам: яе ўдзельнікі куплялі ў аўтасалонах дарагія машыны і перапрадавалі іншым кампаніям у краінах Еўрасаюза. Затым аўтамабілі дастаўлялі ў Польшчу і прадавалі ў Расію ды Беларусь з выкарыстаннем беларускіх, азербайджанскіх і казахстанскіх юрыдычных асоб.
Паводле польскай паліцыі, падазраваныя не толькі парушалі еўрапейскія санкцыі, але і атрымалі неабгрунтаваную кампенсацыю ПДВ на суму больш за 40 млн злотых (каля 9 млн 400 тыс. еўра).
Крыніца: Centralne Biuro Śledcze Policji
Паліцыя паведамляе, што затрыманні прайшлі ў другой палове верасня. Падчас аперацыі следчыя канфіскавалі эксклюзіўныя гадзіннікі, ювелірныя вырабы і грошы ў розных валютах. На рахунках падазраваных па рашэнню суда замарожана больш за 10 млн злотых (каля 2 млн 350 тыс. еўра).
вс