Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы падпісаў распараджэнне, на моцы якога будзе адкрытая мяжа з Беларуссю. Пра адкрыццё памежных пераходаў паведаміў у аўторак прэм'ер міністр Польшчы Дональд Туск. Мяжу адкрыюць у ноч з серады на чацвер – з 24 на 25 верасня. Граніца была закрытая з-за расійска-беларускіх ваенных вучэнняў «Захад».
Польскі сенатар ад цэнтрысцкай партыі «2050» Мацей Жыўна лічыць, што рашэнне правільнае і патрэбнае, у тым ліку для польскіх прадпрымальнікаў.
- Поўнае спыненне памежнага руху, з пункту гледжання транспартны кампаній і іншых фірмаў, было вельмі складаным. Я атрымаў шмат інфармацыі ад прадпрымальнікаў, якія нават сцвярджалі, што закрываюць свае прадпрыемствы назаўсёды, таму сённяшняя навіна дае ім нейкую надзею.
Сенатар ад права-цэнтрысцкай Грамадзянскай кааліцыі Ежы Федаровіч таксама лічыць гэта правільным крокам.
- Гэта будзе вельмі выгадна для ўсіх нас: для прадпрымальнікаў, для перавозчыкаў і для міжнароднага абмену таварамі. Аднак, ці на мяжы будзе спакойна, улічваючы палітычную сітуацыю, – гэта іншае пытанне. Мы пастараемся, каб было бяспечна.
Польшча закрыла ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, уключаючы адзіны КПП Цярэспаль (Брэст), які выкарыстоўваўся для пропуску легкавых аўтамабіляў, 12 верасня – у першы дзень беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2025», якія і паслужылі падставай для такога рашэння.
вс