Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што вынікі выбараў у Малдове сведчаць пра «сапраўдную адвагу малдаўскага народа і прэзідэнткі Маі Санду. Вы не толькі ўратавалі дэмакратыю і ўтрымалі еўрапейскі курс, але і спынілі Расію ў яе спробах атрымаць кантроль над усім рэгіёнам. Гэта добры ўрок для ўсіх нас», — адзначыў кіраўнік польскага ўрада.
У нядзелю, 28 верасня, у Малдове адбыліся парламенцкія выбары, на якіх рашучую перамогу атрымала кіроўная праеўрапейская Партыя дзеяння і салідарнасці (PAS).
Кіроўная з 2021 года PAS атрымала крыху больш за 50 % галасоў, а прарасійскі "Патрыятычны выбарчы блок", які аб’ядноўвае сацыялістаў і камуністаў, — 24%. Яўка выбарцаў склала больш за 52%.
Нядзельныя выбары ў Малдове многія палітыкі называлі «найважнейшымі ў гісторыі краіны». Страта большасці партыяй PAS магла б адкрыць дарогу да ўлады прарасійскім сілам.
Улады Малдовы папярэдзілі пра магчымыя беспарадкі ў найбліжэйшыя дні.
PAP/эж