Беларуская Служба

Енс Столтэнберг, былы генсек НАТА, атрымаў узнагароду «Рыцар Свабоды» падчас Варшаўскага форуму бяспекі

30.09.2025 16:30
Былы генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг атрымаў узнагароду «Рыцар Свабоды» 2025 года. Падчас Варшаўскага форуму бяспекі яму ўручылі копію шаблі генерала Казімежа  Пуласкага.
Jens Stoltenberg.
Jens Stoltenberg.PAP/Marcin Obara

Узнагарода «рыцар Свабоды» штогод уручаецца асобам і ўстановам за ўнёсак у прасоўванне дэмакратыі, свабоды і справядлівасці ва ўсім свеце. Енс Столтэнберг, падзякаваўшы за ўзнагароду, сказаў, што яна ўшаноўвае не толькі яго працу:

– Для мяне гонар прыняць узнагароду Рыцара Свабоды. Гэта значна больш, чым проста прызнанне маіх намаганняў. Гэта прызнанне тысяч людзей, якія штодня працуюць у НАТА ў трансатлантычнай супольнасці. Гэтая ўзнагарода ўшаноўвае спадчыну генерала Казіміра Пуласкага, які змагаўся за свабоду, справядлівасць і дэмакратыю не толькі ў Еўропе, але і ў Амерыцы.

З прамовай выступіў Лойд Осцін, былы міністр абароны ЗША ў адміністрацыі Джо Байдэна. Ён, сярод іншага, сказаў, што Енс Столтэнберг быў добрым генеральным сакратаром НАТА, таму яго некалькі разоў прасілі застацца на гэтай пасадзе даўжэй, асабліва падчас складанай сітуацыі расійскай агрэсіі ва Украіне.

– Калі я стаў міністрам абароны, мой першы званок замежнаму лідару быў да Енса. З таго часу я заўсёды ведаў, што магу на яго разлічваць. Енс заўсёды нагадваў нам пра дэмакратычныя каштоўнасці, якія падзяляюць Злучаныя Штаты, Нарвегія і НАТА ў цэлым. Гэта падмурак нашай сілы: дэмакратыя, правы чалавека, вяршэнства закона і калектыўная абарона, – сказаў Лойд Осцін.

Падчас Варшаўскага форуму бяспекі яму ўручылі копію шаблі генерала Казіміра Пуласкага. 

Казімеж Пуласкі (Kazimierz Pułaski) — герой барацьбы за свабоду двух народаў — польскага і амерыканскага, адзін з камандзіраў і маршал Барскай канфедэрацыі, генерал і герой Амерыканскай вайны за незалежнасць. Яго называюць «бацькам амерыканскай кавалерыі».

Двухдзённы Варшаўскі форум бяспекі пачаўся 29 верасня з выступаў прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Ключавымі тэмамі абмеркавання зʼяўляюцца бяспека перад абліччам вайны ва Украіне і салідарнасць паміж саюзнікамі супраць пагроз з боку Расіі.

IAR/вх