Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі заявіў, што пасля крадзяжу аўтамабіля, які належыць сям’і прэм’ер-міністра Дональда Туска, былі прынятыя «найважнейшыя арганізацыйныя рашэнні». Паводле яго, ужо ўзмоцненая ахова ўсіх ключавых асобаў дзяржавы, а дадатковыя кадравыя рашэнні могуць быць прыняты на пачатку наступнага тыдня.
Паводле польскіх СМІ, у структуры Службы аховы дзяржавы (SOP) адбыўся «кадравы землятрус»: з пасадаў былі вызвалены кіраўнік і яго намеснік у аддзеле, адказным за ахову прэм’ера, а сам кіраўнік SOP накіраваны ў прымусовы адпачынак.
Гучны інцыдэнт адбыўся ў сярэдзіне верасня, калі ў Сопаце быў скрадзены аўтамабіль маркі Lexus, якім карысталіся члены сям’і прэм’ера. Затрыманы па падазрэнні ў злачынстве 41-гадовы Лукаш В. ужо меў судзімасці. Яму прад’яўлены два абвінавачанні: крадзеж аўто з узломам разам з дакументамі, што знаходзіліся ў салоне, а таксама выкарыстанне падробленых нумарных знакаў. Мужчыну затрымалі ў аэрапорце перад спробай уцячы ў Балгарыю.
Міністр Кервіньскі адзначыў, што чакае поўнага рапарту SOP і не выключае далейшых адставак. «Калі дапушчана такая хіба ў сістэме бяспекі, адказваць павінны ўсе ўзроўні кіраўніцтва», — падкрэсліў кіраўнік МУС Польшчы.
pap/эж