Агульнаеўрапейская кампанія «Увага на дарозе» стартавала ў панядзелак у Польшчы. Яна працягнецца да нядзелі. Удзел у мерапрыемстве прымаюць дарожныя паліцыі з 31 еўрапейскай краіны. Акцыя заключаецца ва ўзмоцненай праверцы кіроўцаў, якія адцягваюцца ад кіравання аўтамабілем, карыстаючыся тэлефонамі і мабільнымі прыладамі.
Кампанія з’яўляецца ініцыятывай Roadpol – Еўрапейскай арганізацыі дарожнай паліцыі. Кожная акцыя накіраваная на канкрэтныя, небяспечныя паводзіны за рулём.
Паводле Roadpol, «адцягненне ўвагі кіроўцаў становіцца ўсё больш сур'ёзнай праблемай, а выкарыстанне мабільных тэлефонаў і іншых электронных прылад выклікае ўсё большую колькасць ДТЗ». Мерапрыемства накіраванае не толькі на пакаранне парушальнікаў, але і на прафілактычныя дзеянні, мэта якіх – паінфармаванне кіроўцаў аб небяспецы адсутнасці канцэнтрацыі на дарозе.
За карыстанне тэлефонам альбо іншай прыладай падчас кіравання аўтамабілем польскае заканадаўства прадугледжвае штраф у памеры 500 злотых (каля 120 еўра) і да 12 штрафных балаў (пры 24 балах вадзіцель накіроўваецца на пераздачу – рэд.). Кіроўцу забаронена трымаць тэлефон у руцэ нават пры выкарыстанні навігацыі. Закон дазваляе выкарыстоўваць тэлефон, толькі калі кіроўца прымяняе прылады, якія вызваляюць рукі, такія як Bluetooth-гарнітура або гучнагаварыцельная сувязь.
Наступная агульнаеўрапейская ініцыятыва пачнецца 15 снежня 2025 года. Зімой супрацоўнікі паліцыі засяродзяцца на кіроўцах, якія кіруюць транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага або наркатычнага апʼянення.
Roadpol аб’ядноўвае дарожныя паліцыі 31 еўрапейскай краіны. Статус назіральніка ў арганізацыі мае дарожная паліцыя Дубая (Абʼяднаныя Арабскія Эміраты).