Беларуская Служба

МУС Польшчы працуе над зменамі ў Закон аб грамадзянстве. Стала вядома пра новаўвядзенні

06.10.2025 15:42
Аб працы над законапраектам паінфармаваў кіраўнік ведамства Марцін Кярвінскі.
Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін КярвінскіPAP/Paweł Supernak

У Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы ідзе распрацоўка зменаў у Закон аб грамадзянстве. У сваю чаргу прэзідэнт Караль Наўроцкі падаў у Сейм свой праект зменаў.

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кярвінскі сказаў, што, згодна з прапановай міністэрства, у закон будзе ўведзены абавязак тэставання кандыдатаў на атрыманне польскага грамадзянства. Тэст, у прыватнасці, ацэніць узровень асіміляцыі і валодання польскай мовай.

Міністр сказаў таксама, што хоча сустрэцца з прэзідэнтам і агаварыць змены ў закон. Кярвінскі мяркуе, што прэзідэнта маглі ўвесці ў зман адносна таго, што, нібыта, польскае грамадзянства можна атрымаць пасля трох гадоў пражывання ў краіне.

- У Польшчы адсутнічае практыка, каб хтосьці атрымліваў польскае грамадзянства пасля трох гадоў. Звычайна гэты тэрмін складае восем гадоў: тэрмін часовага пражывання, тэрмін пастаяннага пражывання – не менш за восем гадоў. Такім чынам, прапанова прэзідэнта падоўжыць яго да дзесяці гадоў выглядае так, быццам бы яго ўвялі ў зман. Але мы будзем размаўляць з прэзідэнтам. Пры гэтым у нас падобнае меркаванне адносна таго, што польскае грамадзянства – гэта гонар.

Міністр падкрэсліў, што з'яўляецца прыхільнікам таго, каб працэс атрымання грамадзянства быў, з аднаго боку, даволі дынамічным, а з іншага боку, каб ён даваў асобам, якія прафесійна і ў асабістым жыцці звязаныя з Польшчай, права знаходзіцца ў нашай краіне і гарантаваў належны ўзровень бяспекі.

Згодна з законапраектам міністэрства, пры прызнанні грамадзянства будзе ўлічвацца не толькі перыяд пражывання ў Польшчы, але і вынікі тэсту. У ім, у прыватнасці, будзе ацэнены ўзровень валодання польскай мовай і веды, датычныя польскай гісторыі, грамадства і сімволікі.

Законапраект прэзідэнта, у сваю чаргу, прадугледжвае падаўжэнне мінімальнага тэрміну бесперапыннага пражывання ў Польшчы, неабходнага для атрымання польскага грамадзянства, з трох да дзесяці гадоў.

вс