У аўторак, 7 кастрычніка, Еўрапейская Камісія публікуе Стратэгію выкарыстання штучнага інтэлекту для краін ЕС да 2030 года. У дакуменце вызначаныя задачы, якія належыць рэалізаваць дзяржавам-членам.
Намеснік міністра лічбавых тэхналогій Польшчы Дарыюш Стандэрскі адзначыў, што краіна гатовая да іх выканання. Паводле яго, развіццё штучнага інтэлекту ў Польшчы грунтуецца перадусім на інвестыцыях:
«Ідзе гаворка пра вядучыя цэнтры, якія даследуюць, вучаць і ўкараняюць тэхналогіі штучнага інтэлекту. Гэта такія гарады, як Варшава, Кракаў, Уроцлаў, Познань і Гданьск. На гэтым тыдні міністр лічбавых тэхналогіі Кшыштаф Гаўкоўскі наведаe таксама Лодзь, каб абмеркаваць будучыню мясцовага цэнтра, а ў найбліжэйшыя дні мы падвядзём вынікі супрацоўніцтва са Сілезіяй. Гэтыя цэнтры стануць ключавымі для развіцця штучнага інтэлекту ў Польшчы», — падкрэсліў намеснік міністра.
Дарыюш Стандэрскі таксама адзначыў, што ў Польшчы актыўна працуюць дапаможныя структуры — гарадскія пляцоўкі, дзе бізнес сустракаецца з навукай, а таксама рэгіянальныя цэнтры, якія будуць садзейнічаць укараненню ШІ ў малых і сярэдніх прадпрыемствах.
Найбуйнейшым праектам у гэтай галіне з’яўляецца Балтыйская гігафабрыка штучнага інтэлекту — сумесная ініцыятыва Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, кошт якой ацэньваецца ў 12 мільярдаў злотых (каля 2,8 млрд еўра).
эж