Польшча не пагодзіцца з дзеяннямі еўрапейскіх інстытутаў, накіраванымі на перасяленне нелегальных мігрантаў, напісаў прэзідэнт Караль Наўроцкі ў лісце да старшыні Еўрапейскай камісіі. Ён таксама падкрэсліў, што рашэннем праблемы нелегальнай міграцыі не можа быць вяртанне мігрантаў у Цэнтральную і Усходнюю Еўропу.
Паводле слоў Караля Наўроцкага, еўрапейскія інстытуты павінны засяродзіцца на паляпшэнні бяспекі і эканамічнага становішча краін Афрыкі і Блізкага Усходу, каб знізіць міграцыйны ціск. «Пераважная большасць палякаў выступае супраць прымусовага перасялення мігрантаў у Польшчу. Мая мэта — каб палякі адчувалі сябе ў бяспецы ў сваёй краіне. Адным з элементаў бяспекі, несумненна, з'яўляецца адсутнасць рызыкі, звязанай з нелегальнай міграцыяй, якая залівае Заходнюю Еўропу», — гаворыцца ў лісце прэзідэнта да Урсулы фон дэр Ляен.
Караль Наўроцкі падкрэсліў гатоўнасць да супрацоўніцтва ў галіне аховы межаў і сумесных дзеянняў дзяржаў-чальцоў Еўрапейскага Саюза па падтрымцы краін, найбольш уразлівых да нелегальнай міграцыі. Ён таксама нагадаў, што ў Польшчы дагэтуль пражывае амаль мільён украінскіх бежанцаў, якія ўцяклі ад вайны.
ПР/юл