Падазраваны ў забойстве маладой жанчыны грамадзянін Беларусі Эрык Пятроў пададзены ў вышук, паведаміла Варшаўская акруговая пракуратура. Суд для варшаўскага раёну Макотаў вынес пастанову аб затрыманні і арышце 33-гадовага мужчыны. Рашэнне было прынятае пасля працяглага следства. Пракуратура таксама апублікавала здымак беларуса.
«Кожны, каму вядомае месцазнаходжанне падазраванага Эрыка Пятрова, павінен паведаміць пра гэта ў бліжэйшы паліцэйскі ўчастак», – гаворыцца ў заяве пракуратуры.
16 кастрычніка 2023 года Ізабэла Р.-Г. была забітая ў гатэлі ў варшаўскім раёне Воля. Яна лічылася зніклай без вестак 13 кастрычніка 2023 года. Цела жанчыны было знойдзенае ў гасцінічным нумары 18 кастрычніка. Ізабэла памерла ў выніку задаўлення пятлёй шыі, што прывяло да асфіксіі, несумяшчальнай з жыццём, устанавілі польскія судмедэксперты.
Следства ўстанавіла, што Эрык Пятроў пакінуў Польшчу ў кастрычніку 2023 года. За забойства яму пагражае ад 10 гадоў пазбаўлення свабоды да пажыццёвага зняволення.
Месцазнаходжанне падазраванага невядомае, але хутчэй за ўсё ён знаходзіцца ў Беларусі, мяркуюць польскія праваахоўныя органы.
вс