Пасля аб’яднання партый «Грамадзянская платформа», «Сучасная» і «Ініцыятыва Польшча» новая партыя будзе называцца «Грамадзянская кааліцыя» — абвясціў прэм’ер-міністр Дональд Туск. «Сёння мы яднаемся, бо верым, што тое, што нас аб’ядноўвае, намнога больш важнае, чым тое, што нас адрознівае», — сказаў ён на з’ездзе ў Варшаве.
Кіраўнік ураду дадаў, што мэта аб’яднання — не будучыя выбары, а захаванне суверэнітэту Польшчы. Дональд Туск таксама адзначыў, што роля цяперашніх улад — абараніць Польшчу не толькі ад знешняй пагрозы з Усходу, але і ад другой небяспекі — спроб усталяваць «рускі мір» у еўрапейскіх краінах.
Заснавальніца «Ініцыятывы Польшча» Барбара Навацка пасля аб’яднання заявіла, што «каб дасягаць поспехаў, трэба быць у Грамадзянскай кааліцыі», і што менавіта там «б'ецца сэрца дэмакратычнай Польшчы».
Старшыня партыі «Сучасная» Адам Шлапка падкрэсліў, што, маючы мужнасць і рашучасць, можна дасягнуць больш. Гэтыя рысы, як ён адзначыў, аб’ядналі тры партыі. «Мы хочам ажыццявіць мары пра яшчэ лепшую Польшчу», — сказаў ён падчас свайго выступу.
У межах з’езду сёння ў Цэнтры навукі Капернік адбудуцца дыскусійныя панэлі пад агульнай назвай «Дэмакратыя роўных магчымасцяў». Мерапрыемства адкрые прэзідэнт Варшавы, намеснік старшыні «Грамадзянскай платформы» Рафал Тшаскоўскі. У ім прымуць удзел, між іншым, прэм’ер Дональд Туск, віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, міністр фінансаў Анджэй Даманьскі, эксперты ў сферах інфраструктуры, эканомікі, навукі і фінансаў.
IAR/нг