Пра гэта прэм'ер-міністр Дональд Туск абвясціў на Падляшшы.
Яшчэ ў лістападзе мы будзем гатовыя адкрыць два памежныя пераходы з Беларуссю: у Баброўніках і Кузніцы, заявіў прэм'ер-міністр Польшчы.
«Калі размова пра Баброўнікі, то няма лагістычных праблем, калі пра Кузніцу, то рамонт дарожнага пакрыцця будзе працягвацца да канца года, і таму памежны пераход будзе адкрыты для транспартных сродкаў да 3,5 тон, пакуль работы не будуць завершаны. Што да Палоўцаў (Пяшчатка з беларускага боку, — рэд), пакуль у нас тут ваенны лагер, мы не можам абмяркоўваць адкрыццё па іншых прычынах», — сказаў палітык.
Прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў, што запланаванае адкрыццё двух памежных пераходаў з Беларуссю ў лістападзе будзе «ў эксперыментальным рэжыме» і запатрабуе ўзгаднення з Літвой, якая толькі што закрыла свае наземныя памежныя пераходы з гэтай краінай.
«Калі мяжу зноў трэба будзе закрыць, я не буду вагацца ні хвіліны», — дадаў Туск.
«Мяне чакаюць інтэнсіўныя кансультацыі з літоўцамі, каб не заспець іх знянацку. Мы таксама павінны праводзіць паслядоўную палітыку ў дачыненні да нашых суседзяў», — сказаў кіраўнік урада.
У панядзелак літоўскія ўлады абвясцілі аб бестэрміновым закрыцці наземных памежных пераходаў з Беларуссю.
«Калі мы кажам, што гэтыя пераходы можна адкрыць, то галоўным чынам таму, што мяжа ахоўваецца як ніколі добра. Дзякуючы нашым сумесным намаганням, польска-беларуская мяжа, верагодна, з'яўляецца найлепш ахоўнай мяжой у Еўропе, таму мы можам дазволіць сабе рызыкаваць, бо мяркуем, што выгады перавышаюць рызыкі», — растлумачыў прэм'ер-міністр.
«Усё сведчыць аб тым, што калі мы абмяркуем гэтае пытанне і з літоўцамі і скаардынуем нашы дзеянні, мы павінны адкрыць гэтыя два пераходы ў лістападзе. Скажам так: у эксперыментальным рэжыме. Калі высветліцца, што па нейкай прычыне мяжу трэба закрыць, я не буду вагацца ні хвіліны», — сказаў Туск.
Пераходы «Кузніца» закрыты з восені 2021 года пасля прарыву мігрантаў з боку Беларусі, «Баброўнікі» закрыты з 2023 года пасля прысуду журналісту Анжэю Пачобуту.
IAR/вх