Беларуская Служба

Польская пракуратура хоча арыштаваць былога міністра юстыцыі. Пагражае да 25 гадоў турмы 

29.10.2025 13:11
Следства абвінавачвае палітыка ў здзяйсненні 26 злачынстваў, у тым ліку ў дазволе на вывад каля 150 млн  злотых (35,3 млн еўра) з Фонду справядлівасці. 
Збігнеў Зёбра x.com/Ministerstwo Sprawiedliwości

Польская пракуратура звярнулася з хадайніцтвам аб зняцці дэпутацкага імунітэту з былога міністра юстыцыі ва ўрадзе «Права і справядлівасць» Збігнева Зёбры. 

Следства абвінавачвае палітыка ў здзяйсненні 26 злачынстваў, у тым ліку ў дазволе на вывад каля 150 млн  злотых (35,3 млн еўра) з Фонду справядлівасці. Дэпутаты павінны разгледзець гэтае пытанне на найбліжэйшым пасяджэнні Сейма. У хадайніцтве таксама ўтрымліваецца просьба аб арышце прадстаўніка ўрада партыі «Права і справядлівасць».

Як паведаміла прадстаўніца генеральнага пракурора Ганна Адамяк, Зёбра нібыта гарантаваў беспакаранасць падначаленым чыноўнікам, якія, паводле матэрыялаў следства, дзейнічалі разам з ім у арганізаванай злачыннай групе:

«Шэраг фондаў і асацыяцый перадавалі перад конкурсам свае праекты прапаноў. Гэтыя прапановы траплялі да чыноўніцы, якая ўносіла ў іх змены. Пасля гэтага яны вярталіся да аўтараў і ўжо выпраўленыя падаваліся на конкурс, перамагалі і атрымлівалі сродкі з Фонду справядлівасці», — растлумачыла Адамяк.

Калі Сейм ухваліць зняцце імунітэту, рашэнне аб магчымым арышце мусіць прыняць суд. Збігневу Зёбры пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. У сваім паведамленні ў сацыяльных сетках палітык назваў абвінавачанні «абсурднымі» і заявіў, што сродкі Фонду выкарыстоўваліся на патрэбы пажарных, шпіталяў і рамонт будынкаў пракуратуры.

iar/эж