Беларуская Служба

Польшча адкрые памежныя пераходы з Беларуссю ў сярэдзіне лістапада

30.10.2025 14:11
Учора ў гэтай справе адбылася размова паміж прэм’ерамі Польшчы і Літвы. 
Дональд ТускPAP/Artur Reszko

Польшча адкрые памежныя пераходы з Беларуссю прыблізна ў сярэдзіне лістапада — паведаміў Польскаму радыё прэс-сакратар урада Адам Шлапка. Паводле плана, гэта павінна было адбыцца раней, аднак на просьбу літоўскага боку рашэнне было адкладзена.

Учора ў гэтай справе адбылася размова паміж прэм’ерамі Польшчы і Літвы. Дональд Туск і Інга Ругінене дамовіліся, што Вільня і Варшава будуць каардынаваць свае дзеянні, таму Польшча адкрые сваю мяжу з Беларуссю прыблізна праз два тыдні. У сваю чаргу літоўская мяжа з гэтай краінай будзе заставацца закрытай да 30 лістапада.

У аўторак Д. Туск паведаміў, што яшчэ ў лістападзе будуць адкрыты памежныя пераходы з Беларуссю ў Баброўніках і Кузьніцы. Ён дадаў, што пакуль не ідзе гаворка пра адкрыццё пераходу Полаўцы-Пяшчатка.

Рашэнне ўрада ў Вільні з’яўляецца рэакцыяй на прылёты з Беларусі кантрабандных паветраных шароў. З-за гэтага на працягу тыдня аэрапорт у Вільні некалькі разоў быў вымушаны часова спыняць сваю працу.

IAR/Пшэмыслаў Ліс/яс