Усходняя мяжа Польшчы будзе ўзмоцненая. Там будзе створаны так званы Кампанент абароны памежжа, у склад якога ўвойдуць чатыры брыгады войскаў тэрытарыяльнай абароны — 1-я Падляская, 4-я Варміна-Мазурская, 19-я Надбужанская і 20-я Пшэмыская.
Міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў у сацыяльных сетках, што падрыхтаваны фінальны варыянт канцэпцыі стварэння кампанента. Гэта быў адзін з галоўных прыярытэтаў войскаў тэрытарыяльнай абароны ў бягучым годзе.
«Гэта чарговы крок, які ўмацоўвае ўсходні фланг НАТА і паўночна-ўсходнюю мяжу Польшчы ў межах Нацыянальнай праграмы стрымлівання і абароны “Усходні шчыт”», — напісаў віцэ-прэм’ер.
Стварэнне Кампанента абароны памежжа ў структуры войскаў тэрытарыяльнай абароны ініцыяваў яшчэ ў 2022 годзе тагачасны міністр абароны Марыюш Блашчак. Задача падраздзялення — падтрымліваць Памежную варту ў ахове ўсходняй мяжы і супрацьдзейнічаць гібрыдным пагрозам з боку Расіі і Беларусі.
Тэрытарыяльныя войскі ўдзельнічаюць у абароне ўсходняй мяжы з восені 2021 года.
IAR/нг