Беларуская Служба

Новы водны шлях паміж Польшчай і Чорным морам можа абысці Беларусь

02.11.2025 11:35
Прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ясаў, інжынер Пол Кастэль Бутнару, прапануе новы маршрут — праз Віслу, Сан, Днестр, Прут і Дунай. 
  .
Памежная рака Буг. Фота: beerlogoff/shutterstock.com

У Польшчы абмяркоўваюць альтэрнатыву  Беларусі для воднага шляху паміж Балтыйскім і Чорным морам. Пасля правалу праекта праз Беларусь і адмову Чэхіі ад канала Одра–Дунай, прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ясаў, інжынер Пол Кастэль Бутнару, прапануе новы маршрут — праз Віслу, Сан, Днестр, Прут і Дунай. Інжынер адзначае, што большасць гэтага шляху ўжо прыдатная для суднаходства, патрэбныя толькі два кароткія каналы агульнай даўжынёй каля 72 кіламетраў:

— адзін паміж ракамі Сан і Днестр на польска-украінскай мяжы ў раёне Пшэмысяля,

— другі паміж Днестрам і Прутам паблізу Чарнаўцоў ва Украіне.

Аднак галоўнай перашкодай застаюцца высокія кошты інвестыцыі, якія могуць дасягнуць 100 млрд злотых (23,4 млрд еўра).

Віцэ-міністр інфраструктуры Польшчы Аркадыюш Мархеўка адзначыў, што без шырокага міжнароднага супрацоўніцтва праект застанецца толькі канцэпцыяй. Паводле яго, цяпер Польшча канцэнтруецца на развіцці Воднай магістралі на Одэры, якая звязвае поўнач і поўдзень краіны.

Прадстаўнікі Міністэрства інфраструктуры Польшчы заявілі, што хоць сама ідэя цікавая з пункту гледжання еўрапейскай лагістыкі, яна патрабуе «рэалістычнай ацэнкі эканамічнай эфектыўнасці і экалагічных наступстваў». Улады падкрэсліваюць, што ў першую чаргу неабходна мадэрнізаваць існыя водныя шляхі і забяспечыць іх інтэграцыю з чыгуначнай і дарожнай сеткай краіны.

pap/эж