Беларуская Служба

Участак пад будаўніцтва аэрапорта, прададзены прыватнаму інвестару, будзе вернуты дзяржаве

05.11.2025 10:55
Зямля была прададзена ў апошнія два тыдні кіравання партыі «Права і справядлівасць».
 .
Праект ЦКП.Wojciech Olkusnik/East News

Зямельны ўчастак пад будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порта (CPK) будзе вярнуты дзяржаве па першапачатковай цане — паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра падтрымкі сельскай гаспадаркі (KOWR) Генрых Смоляж (Henryk Smolarz). Дзялянка плошчай 160 гектараў была прададзена прыватнаму пакупніку за больш чым 22 мільёны злотых у снежні 2023 года, цяпер яна вернецца ва ўласнасць Дзяржаўнай казны.

Генрых Смоляж падзякаваў пакупніку зямельнага ўчастка — віцэ-прэзідэнту кампаніі Dawtona — за супрацоўніцтва.

— Будзе, калі казаць простай моваю, вяртанне нерухомай маёмасці. За такую ж цану, якая была заплачана ў першапачатковым натарыяльным акце. Спадар Пётр (Piotr Wielgomas – рэд.) адмаўляецца ад патрабавання кампенсацыі за панесеныя выдаткі. І вяртае нерухомасць за тую ж цану, за якую яна была набытая. Вельмі дзякую яму за такі крок, маім меркаваннем, гэта павінна супакоіць грамадскую думку.

Зямля была прададзена ў апошнія два тыдні кіравання партыі «Права і справядлівасць» (PiS) у 2023 годзе. Пазней выявілася, што цана была значна ніжэй за рынкавую, у сувязі з чым узнік скандал.

У сувязі са справай пра продаж зямельнага ўчастка, прызначанага пад будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порта, старшыня партыі Яраслаў Качыньскі прыпыніў членства ў PiS трох чалавек: былога міністра сельскай гаспадаркі Роберта Тэлуса (Robert Telus), былога намесніка міністра Рафала Раманаўскага (Rafał Romanowski) і былога дырэктара KOWR Вальдэмара Хуменцкага (Waldemar Humięcki). Гэтыя палітыкі былі адказныя за продаж стратэгічнай для порта дзелянкі прыватнаму прадпрымальніку.

IAR/нг