Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету па транзіце ўлады арганізуе сустрэчу з прадстаўнікамі Фонду сацыяльнага страхавання Польшчы (ZUS) і Міністэрства па пытаннях сям’і, працы і сацыяльнай падтрымкі. Сустрэчу ўдалося арганізаваць прадстаўніку АПК Паўлу Латушку і Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню.
Спатканне адбудзецца 28 лістапада ў мясцовым аддзяленні Фонду сацыяльнага страхавання для варшаўскага раёну Прага-Поўнач (вул. 11 Listopada, 15A, кабінет 300 на 3-м паверсе). Дакладны час сустрэчы будзе абвешчаны пазней. Арганізатары мерапрыемства паведамляюць пра прысутнасць перакладчыка.
Сустрэча мае адкрыты характар – на яе можа прыйсці кожны жадаючы. Арганізатары просяць загадзя дасылаць пытанні ў Telegram-бот: @nau_by_bot. Яны павінны датычыць пенсій, сацыяльнай дапамогі дзецям і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, сацыяльнай абароны іншых уразлівых групаў беларусаў у Польшчы і г.д.
Падчас сустрэчы будзе весціся відэазапіс прэзентацыі і адказаў на пытанні. Відэа пазней будзе апублікаванае ў інтэрнэт. Арганізатары абяцаюць весці запіс такім чынам, каб не раскрываць твараў і галасоў удзельнікаў.
Спецыялісты Фонду сацстрахавання прадставяць прэзентацыю і адкажуць на пытанні пра пенсійнае і сацыяльнае забеспячэнне ў Польшчы.
вс