Беларуская Служба

Адна з хуткасных магістраляў Польшчы атрымае назоў у гонар пераможнага паўстання

28.12.2025 09:57
Хуткасная аўтамагістраль С5 праходзіць праз Вармію і Мазуры і Куяўска-Паморскае ваяводства.
    -.
Камандзір паўстання генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі.Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Хуткасная аўтамагістраль С5 будзе названа ў гонар паўстанцаў Вялікапольшчы. Гэтае рашэнне было абвешчана ў 107-ю гадавіну пачатку паўстання. Паведамляе карэспандэнт Польскага радыё Мацей Шэфэр.

— Дарога С5 атрымае назоў у гонар пераможнага змагання за незалежнасць. Ужо некалькі гадоў многія арганізацыі звярталіся з просьбамі назваць трасу іменем вялікапольскіх паўстанцаў. 27 снежня, у 107-ую гадавіну паўстання, пра рашэнне заявіў прадстаўнік ураду. Гэта будзе ўжо не першая дарога ў дзяржаве, якая носіць сімвалічную назву. Аўтастрада А2 носіць імя “Аўтастрада Свабоды”, а траса С8 была названая ў гонар герояў Варшаўскай Бітвы.

Хуткасная аўтамагістраль С5 праходзіць праз Вармію і Мазуры і Куяўска-Паморскае ваяводства. Яна таксама злучае Вялікапольшчу і Ніжнюю Сілезію.

27 снежня споўнілася 107 гадоў з пачатку Вялікапольскага паўстання. Вялікапольшча – гэта землі, размешчаныя на захадзе краіны. Галоўным горадам рэгіёну з’яўляецца Познань, таму гісторыкі кажуць таксама пра Познаньскае паўстанне. Паўстанцы патрабавалі ўключэння зямель Вялікапольшчы ў склад абвешчанай у лістападзе 1918 года польскай дзяржавы. Паўстанне скончылася ваеннай і палітычнай перамогай палякаў.

Мацей Шэфэр/нг