Беларуская Служба

Варшаўскі заапарк і Кампіноскі нацыянальны парк звярнуліся да людзей з просьбай не запальваць феерверкі і петарды

29.12.2025 17:02
«Гучнае свята не вартае траўм жывёл, а цішыня таксама можа стаць цудоўным пачаткам года», – напісалі аўтары звароту.
.
.nidan/pixabay.com/CC0

Супрацоўнікі заапарка напісалі, што жывёлы не разумеюць нашых святкаванняў і папрасілі людзей устрымацца ад выкарыстання гучнай піратэхнікі. Яны звярнулі ўвагу на тое, што ў заапарку жыве шмат палахлівых відаў, якіх могуць напалохаць нават найменшыя рухі ці невялікія гукі.

«Гучнае свята не вартае траўмаў жывёл. Давайце святкаваць радасна, але не прычыняючы пакут тым, хто не можа абараніць сябе», – падкрэслілі яны, нагадаўшы людзям, што хатнія жывёлы, дзікія жывёлы і жывёлы ў прытулках таксама негатыўна рэагуюць на шум петард або феерверкаў.

Супрацоўнікі Кампіноскага нацыянальнага парку падкрэслілі, што выбухі петард адбываюцца раптоўна, без папярэджання і праз нерэгулярныя прамежкі часу.

«Жывёлы не здольныя прадбачыць або інтэрпрэтаваць крыніцу пагрозы, таму яны адчуваюць моцную стрэсавую рэакцыю. Арганізм выпрацоўвае вялікую колькасць адрэналіну і картызола, павялічваецца частата сардэчных скарачэнняў і павялічваецца напружанне цягліц. Адзіная магчымая рэакцыя – гэта ўцёкі, часта хаатычныя і некантраляваныя», – дадалі яны.

Яны таксама адзначылі, што дзікія жывёлы рэагуюць не толькі на шум, але і на інтэнсіўныя ўспышкі святла. Спалоханыя ласі, алені, казулі і дзікі могуць запанікаваць і перабягаць дарогі, урэзацца ў платы, страціць сваіх дзіцянят або пакінуць лес. Гэта павялічвае рызыку сутыкненняў на дарогах, сур'ёзных траўмаў і смерці жывёл.

«Асабліва цяжкія наступствы назіраюцца ў птушак. Раптоўныя выбухі выклікаюць масавы, начны пералёт зграямі. Узімку гэта азначае велізарныя выдаткі энергіі, якія могуць мець вырашальнае значэнне для выжывання ў наступныя дні. Таксама адбываюцца сутыкненні з дрэвамі, будынкамі і лініямі электраперадач, а таксама страта арыентацыі», – напісалі яны.

Яны адзначылі, што падобным чынам паводзяць сябе хатнія жывёлы, для якіх навагодняя ноч – адна з самых стрэсавых начэй у годзе. Кожны год у гэты перыяд назіраецца павелічэнне колькасці зніклых жывёл, якія ў выніку панікі ўцяклі са сваіх дамоў.

ав