Прыблізна 100 тон золата купіў у 2025 годзе Нацыянальны банк Польшчы (НБП). Гэта павялічыла залатыя рэзервы краіны да больш чым 540 тон.
У мінаючым годзе цэнтральныя банкі многіх краін ахвотна куплялі золата. Прычыны – узброеныя канфлікты, глабальная палітычная напружанасць і зніжэнне працэнтных ставак, кажа галоўны аналітык Tavex Тамаш Геснэр (Tomasz Gessner):
- За першыя тры кварталы 2025 года нацбанкі набылі больш за 600 тон золата, а адным з вядучых пакупнікоў быў таксама Нацыянальны банк Польшчы.
Увосень кіраўніцтва НБП прыняло рашэнне аб павелічэнні долі золата ў рэзервах з 20% да 30%, заявіў старшыня банка Адам Гляпіньскі (Adam Glapiński):
- Золата – гэта рэдкі, каштоўны, унікальны рэсурс. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва яно было і застаецца каштоўным таварам. Яго рэсурсы абмежаваныя з улікам даступных тэхналогій здабычы.
Кошт усяго золата, сабранага Нацыянальным банкам Польшчы, перавышае 260 мільярдаў злотых (больш за 61,5 мільярда еўра). Золата захоўваецца ў Польшчы, Лондане і Нью-Ёрку. У 2025 годзе цана на золата неаднаразова пабівала гістарычныя рэкорды. У цяперашні час на міжнародных рынках унцыя золата ацэньваецца амаль у 4 400 долараў.
IAR/аз