У Польшчы з 2026 года асобы, якія дасягнулі 17-гадовага ўзросту, змогуць атрымліваць вадзіцельскае пасведчанне. Такое пасведчанне будзе дзейнічаць выключна на тэрыторыі краіны.
Семнаццацігадовыя кіроўцы будуць абавязаныя працягваць удасканальваць свае навыкі кіравання аўтамабілем, у тым ліку ездзіць толькі пад наглядам больш вопытнага кіроўцы. Гаворка ідзе пра абавязковую прысутнасць дарослай асобы, якая мае вадзіцельскае пасведчанне і знаходзіцца ў цвярозым стане. Эксперт у галіне бяспекі дарожнага руху Марэк Канкалеўскі адзначае:
«Новыя нормы з’яўляюцца дастатковымі для гарантавання бяспекі іншых удзельнікаў руху. Малады кіроўца, які на працягу года ездзіць пад сталым кантролем бацькоў ці іншых цвярозых сваякоў ці знаёмых, будзе паводзіць сябе больш адказна і не стане рызыкаваць на дарогах», - перакананы адмыслоўца.
Да дасягнення 18 гадоў такія кіроўцы не змогуць перавозіць пасажыраў у таксі і займацца камерцыйнымі перавозкамі грузаў, напрыклад працаваць кур’ерамі. Эксперт падкрэсліў, што ўвядзенне новых правілаў не павінна прывесці да росту аварыйнасці на польскіх дарогах.
iar/эж