Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск звярнуўся да еўрапейцаў з навагоднімі віншаваннямі, якія апублікаваў па-англійску ў сацыяльных сетках. У сваім пасланні палітык заклікаў Еўропу браць прыклад з Польшчы і падкрэсліў дасягненні краіны ў 2025 годзе.
Дональд Туск назваў прычыны для гонару за Польшчу, сярод якіх — будаўніцтва найбуйнейшай сучаснай арміі ў Еўрапейскім Саюзе і рэкордны ўзровень ВУП.
«Азіраючыся на 2025 год, я вельмі ганаруся сваёй краінай — Польшчай — і яе дасягненнямі. Вось дзесяць з тысячы прычын. Па-першае: бяспечная і надзейна абароненая ўсходняя мяжа, якая адначасова з’яўляецца мяжой Еўропы, а таксама адказная і жорсткая палітыка прытулку — узор для ўсёй Еўропы, якая прывяла да больш як дзевяностапрацэнтнага скарачэння колькасці мігрантаў, што перасякаюць нашы межы», — сказаў прэм’ер.
Кіраўнік урада звярнуўся з пажаданнямі да еўрапейцаў:
«Маю ўсе падставы ганарыцца Польшчай. А мае найлепшыя пажаданні Еўропе і еўрапейцам гучаць так: будзьце як Польшча — энергічныя, смелыя і бяспечныя. Поспехаў».
Дональд Туск таксама падкрэсліў значэнне Польшчы як лагістычнага вузла, які злучае Еўропу, з развітай дарожнай і чыгуначнай інфраструктурай.
эж