Беларуская Служба

Сёлета Замежнаму вяшчанню Польскага радыё спаўняецца 90 гадоў

04.01.2026 08:11
Вяшчанне на замежныя краіны Польскае радыё пачало ў 1936 годзе. 
Замежнае вяшчанне Польскага радыёфота: Polskie Radio

1 сакавіка сёлета Замежнаму вяшчанню Польскага радыё спаўняецца 90 гадоў. Задача каналу – інфармаванне замежнай аўдыторыі пра ўсебаковыя падзеі ў Польшчы і напрамкі польскай знешняй палітыкі.

Наталля Брыжка-Запур. Фота: Ірына Завіша/Польскае Радыё Наталля Брыжка-Запур. Фота: Ірына Завіша/Польскае Радыё

Канал вяшчання на замежныя краіны быў афіцыйна створаны ў Польшчы ў 1936 годзе, хоць некаторыя асобныя праграмы выходзілі ў эфір ужо раней. У 1930-я гады радыёвяшчанне сфармавалася як грамадская з'ява, і, як гаворыць дырэктар і галоўны рэдактар Замежнага вяшчання Польскага радыё Наталля Брыжка-Запур, тагачасныя ўлады краіны вырашылі інфармаваць замежную аўдыторыю пра тое, што адбываецца ў Польшчы.

- У тыя часы радыё было новым і вельмі моцным сродкам масавай інфармацыі. Не было яшчэ тэлебачання, не кажучы пра інтэрнэт, і людзі проста куплялі радыёпрыёмнікі ды сядзелі каля іх. Таму было вельмі важна перадаваць інфармацыю з Польшчы, у межах нашых магчымасцей і сродкаў, каб яна была не толькі для нас, але каб голас Польшчы быў пачуты за мяжой. Вось так усё і пачалося.

За 90 гадоў існавання Замежнага вяшчання Польскага радыё на канале працавалі многія выдатныя асобы, важныя для гісторыі польскай журналістыкі.

- У маім кабінеце вісіць здымак Ярэмі Пшыборы, які працаваў на нашым канале; Ян Новак-Езяраньскі, былы кіраўнік Польскай службы Радыё «Свабодная Еўропа»; Ксаверы Ясеньскі, Стэфан Браткоўскі, Люцыян Кедрыньскі, Анджэй Турскі – гэта людзі, звязаныя ў мінулым з Замежным вяшчаннем Польскага радыё.

Сёння на Замежным вяшчанні, як і на ўсіх каналах Польскага радыё, адбываюцца змены, звязаныя з лічбавізацыяй і глабалізацыяй. Наталля Брыжка-Запур гаворыць, што юбілейныя віншаванні для каналу могуць быць звязаныя з поспехам у лічбавай трансфармацыі станцыі.

- Цяпер усё развіваецца даволі хутка. Мы пераходзім на мультымедыя і ўкараняем розныя нетрадыцыйныя каналы вяшчання. Таму хочацца спадзявацца, што, па-першае, мы з гэтым добра справімся, па-другое, што мы будзем гэта добра развіваць, і па-трэцяе, што наш голас трапіць у свету праз мікрафон Польскага радыё.

У структуры Замежнага вяшчання Польскага радыё актуальна ўваходзіць шэсць моўных службаў: беларуская, польская, англійская, нямецкая, украінская і руская. У часы ПНР канал замежнага вяшчання працаваў на больш чым 20 мовах, у тым ліку на арабскай, дацкай, фінскай, італьянскай, іспанскай, эсперанта, шведскай і г.д. У штаце радыёстанцыі працавала 600-700 чалавек.

вс